24 лістапада (чацвер) у Мінскай абласной бібліятэцы імя
Пушкіна адбудзецца прэзентацыя новай кнігі шведскай
пісьменніцы Эвы Суса «Снежны чалавек у Мінску» у перакладзе на беларускую мову
Дзмітрыя Плакса і ў мастацкім афармленні Кацярыны Дубовік. З удзелам аўтаркі і
мастака!
Кніга пра прыгоды Снежнага чалавека ў Мінску ўнікальная,
бо найперш пабачыла свет менавіта ў беларускім перакладзе ў серыі для дзяцей «Каляровы
ровар» Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Снежны чалавек, створаны Эвай Суса, ужо знаёмы беларускаму чытачу —у 2013 годзе ў серыі «Каляровы
ровар» выйшла аднайменная кніга ў перакладзе Алесі Башарымавай, аформленая французскім мастаком Бенжамэнам Шо.
На мастацкае аздабленне новай казкі быў абвешчаны
конкурс, на які прыйшлі заяўкі ад маладых мастакоў як з Беларусі, так і з-за яе
межаў. У выніку кампетэнтным журы была абраная Кацярына Дубовік — беларускі мастак, якая жыве ў Амстэрдаме і
прыедзе ў Мінск адмыслова, каб разам з Эвай Суса узяць удзел у прэзентацыі
кнігі. Выступіць таксама старшыня ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Барыс Пятровіч.
На вечарыне будуць цікавосткі (праграма ўдакладняецца).