
Сустрэча са знакамітым дзіцячым пісьменнікам Міколай Чарняўскім пройдзе 1 лютага ў
дзіцячай бібліятэцы № 6 імя В.Віткі. У 12:45 у чытальнай зале бібліятэцы Мікалай Мікалаевіч прачытае свае вершы, падзеліцца сваімі творчымі планамі і адкажа на ўсе вашыя пытанні. Таксама вас чакае спектакль па казцы Міколы Чарняўскага «Ліса-калядоўшчыца».
І – увага! – падчас сустрэчы адбудзецца прэзентацыя новай кнігі пісьменніка «Ці растуць грыбы ў Грыбна», у якой можна знайсці мноства новых вершаў, казак, загадак і шарад на любы густ. Не ўпусціце шанец атрымаць аўтограф Міколы Чарняўскага ці нават набыць кнігу, якая толькі выйшла з друку!
З сваіх 70-ці гадоў Мікалай Чарняўскі 55 служыць літаратурнаму слову. Дэбютаваў ён у газеце "Піянер Беларусі" вершам "Васілёк". А сёння яго радкі чытаюць, вучаць і дэкламуюць школьнікі. Мікалай Мікалаевіч атрымаў вядомасць менавіта як аўтар для малодшай аўдыторыі. Літаратурнымі хітамі сталі кнігі "Сонечны кошык", "Хто пакрыўдзіў кракадзіла", "Каго баіцца зубр". У аўтарстве Мікалая Чарняўскага выйшла 40 кніг. Сярод іх ёсць творы і для дарослых.