
Сёння Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы займае вядучае палажэнне ў тэатральным жыцці Беларусі. Гэта сапраўдная крыніца нацыянальнай драматургіі, смелага мастацкага пошуку, скарбніца тэатральных талентаў.
На сцэне тэатра працягваюць працаваць вядучыя майстры беларускай сцэны, гордасць тэатральнага мастацтва: народныя артысты СССР, Лаўрэаты Дзяржаўных прэмій СССР, БССР і Рэспублікі Беларусь, народныя і заслужаныя артысты Беларусі. Трэцюю частку купалаўскай трупы складае таленавітая моладзь.
Купалаўскі з’яўляецца сапраўднай візітнай карткай Беларусі на міжнароднай арэне. За апошнія гады ён стаў лаўрэатам і пераможцам шэрагу Міжнародных тэатральных фестываляў, з вялікім поспехам гастраляваў у Польшчы, Эстоніі, Украіне, Расіі, Фінляндыі, Азербайджане, Францыі, Іспаніі, Літве.