"Гуканне вясны” – адзін з самых жыццярадасных і аптымістычных беларускіх звычаяў. Пасля доўгай зімы мы чакаем прыгажуню-вясну, каб паскорыць яе прыход і ладзіцца свята.

Дзяўчаты-Вяснянкі навучаць вас гукац вясну па-беларуску! Асаблівасцю такіх песень з'яўляецца тое, што кожны куплет заканчваецца гучных крыкам «Гу-у-у-у!». Адсюль і назва – «гуканне».
Нашы продкі ўпрыгожвалі дрэвы рознакаляровымі самаробнымі птушкамі з паперы, каб яны на сваіх крылах прынеслі вясну. На майстар-класе ад Вяснянак кожны зробіць сабе веснавую птушку і яна абавязкова прынясе цяпло! З радасцю госці свята адказваюць і на пытанні інтэрактыўнай віктарыны "Пазнай галасы птушак”.
На экране ажыве беларускі каляндар. Адкуль пайшлі назвы месяцаў? Як нашы продкі святкавалі "Гуканне вясны”, "Купалле”, "Багач”, "Каляды”? Дарэчы, Янка Купала ў сваіх вершах апяваў кожную пару года.
У праграме – карагоды і забавы, майстар-клас па старадаўніх беларускіх танцах і гульнях, традыцыйны абрад "затанцоўвання” вясны. І абавязкова – спальванне пудзіла зімы Марэны! Як такое магчыма ў будынку музея? Трэба прыйсці і пабачыць.
На працягу гадзіны вы будзеце разам спяваць і радавацца жыццю.
Музейна-педагагічны занятак распрацаваны для вучняў 1-5 класаў (6 – 11 гадоў).