Купалаўскі тэатр вяртаецца да традыцыі дзіцячых спектакляў. На
Вялікай сцэне рэжысёр Сяргей Кавальчык рыхтуе прэм’еру – баль-маскарад «Крышталёвы туфлік» паводле твораў Шарля Перо, Яўгена Шварца і Тамары Габэ.

Прэм'ера спектакля адбудзецца 12 лістапада ў 11.30. Аўтар ідэі – Сяргей Кавальчык. На беларускую мову тэкст пераклаў
Ігар Скрыпка. Мастак-сцэнограф пастаноўкі – Аляксандра Кавальчык.
Старадаўняя казка пра Папялушку і Каралевіча нарадзілася шмат стагоддзяў
таму і з таго часу ўсё жыве і жыве, і кожны распавядае яе на свой капыл.
У Купалаўскім тэатры яе распавядае рэжысёр Сяргей Кавальчык: ён дадаў
найбольш дынамічныя і дасціпныя моманты са знакамітых тэкстаў Яўгена
Шварца і Тамары Габэ да славутай казкі Шарля Перо, захаваўшы яе як
сюжэтную аснову і найбольш чулую версію гэтай гісторыі. І для ўсіх
жыхароў Казачнага каралеўства напісаў музычныя нумары. Чароўны
баль-маскарад яшчэ раз нагадвае дзецям і дарослым, што цуды здараюцца –
калі ў цябе шчырая душа і добрае сэрца. З невялічкай дапамогай
Феі-Хроснай, натуральна.
Набыць квiток можна анлайн.