Арганiзатары запрашаюць дзетак і іх бацькоў 26 мая ў мінскую галерэю «Ў» на прэзентацыю адразу дзвюх кніг шведскага пісьменніка і мастака Свэна Нурдквіста — «Пэтсан сумуе» і «Паляванне на ліса» — з удзелам акцёраў Паўла Харланчука і Ганны Хітрык.

Шыкоўна ілюстраваныя гісторыі пра дзядулю Пэтсана і кацянятка Фіндуса пабачылі свет у серыі «Каляровы ровар» Саюза беларускіх пісьменнікаў у выдавецтве «Кнігазбор» і ўжо чакаюць чытачоў на паліцах мінскіх кнігарняў.
Сімпатычныя і забаўныя героі Пэтсан і Фіндус, якія ажылі на старонках кніг шведскага аўтара, не маюць патрэбы ў прадстаўленні — яны вельмі папулярныя па ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі, і казкі пра іх пераствораныя больш чым на 30 моў. На нашай роднай мове выйшлі кнігі "Пэтсан і Фіндус святкуюць Каляды”, пасля — "Блінны торт” і «Як Фіндус згубіўся, калі быў маленькі» (усе пераклала Надзея Кандрусевіч).
А зараз серыя для дзяцей працягваецца чарговымі гісторыямі, з якіх юныя чытачы і чытачкі даведаюцца, як коцік Фіндус паляпшаў настрой дзядулі Пэтсана з дапамогай… рыбалкі («Пэтсан сумуе») і якім чынам героі адпужвалі ад сваёй хаты ласага да курэй ліса («Паляванне на ліса»).
Прыходзьце на імпрэзу, будзе цікава.