З 3 па 20 мая адбудзецца прэзентацыя ўнікальнага прадмета з фондаў музея – венскага крэсла, што належала Уладзіміру Хведаравічу Быкаву, бацьку народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.

Жыццёвы шлях Васіля Быкава – аднаго з самых значных і самабытных творцаў беларускай літаратуры – пачаўся ў невялікай вёсцы Бычкі Ушацкага раёну. З Віцебшчынай звязаны дзіцячыя і юнацкія ўспаміны пісьменніка, тут адбылося першае знаёмства Васіля Быкава з літаратурай, пачалося захапленне мастацтвам. Менавіта ў гэты час заклаўся падмурак Васіля Быкава-пісьменніка.
Невыпадкова, што новы сезон філіял «Музей-дача Васіля Быкава» пачынае з выставы «Усе мы родам з дзяцінства…».
На выставе будзе магчымасць:
- даведацца пра дзяцінства пісьменніка;
- пазнаёміцца з гісторыяй крэсла;
- убачыць унікальныя фотаздымкі і малюнкі Васіля Быкава.