У нядзелю 4 чэрвеня праваслаўныя хрысціяне святкуюць Дзень Святой Троіцы. У гэты ўрачысты дзень храм Свяціцеля Мікалая Японскага арганізуе гулянні пад назвай "Траецкі фэст". Тут будуць створаны ўсе ўмовы, каб вы змаглі адпачыць максімальна культурна і весела (а яшчэ карысна і смачна).

Арганiзатары чакаюць выступы харавых калектываў (гэта вельмі прыгожа!), фальклорных музыкаў (вы пачуеце песні на беларускай, рускай, польскай, літоўскай, латышскай мовах, а таксама беларускую дуду і армянскі дудук; убачыце габрэйскія, армянскія і грузінскія танцы – гэта вельмі цікава!), а ў якасці хэдлайнераў – фолк-студыя "Варгін", хрысціянскі гурт "Laudans" і фолк-рок гурт "Палац". Але гэта не ўсё! На працягу фэста будуць працаваць фотавыстава, экскурсіі па экасцежцы, прэзентацыі і майстар-класы.