Штогод Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа 1 верасня ладзіць традыцыйнае свята «Песняй вітаю я вас..!», прымеркаванае да Дня Ведаў.

Якуб Колас вялікую частку свайго жыцця, каля трыццаці гадоў, прысвяціў педагагічнай працы. Пачынаў Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч так званым народным настаўнікам у палескіх вёсачках, чатыры гады настаўнічаў на тэрыторыі Курскай вобласці ў Расіі, выкладаў у Беларускім педагагічным тэхнікуме і Беларускім дзяржаўным унівэрсітэце ў Мінску, чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы на настаўніцкіх педагагічных курсах у Слуцку.
Якуб Колас апрацаваў звыш за сорак народных казак, напісаў шмат твораў для дзяцей. У сваіх творах народны паэт Беларусі – не толькі дзіцячы пісьменнік, а і педагог-выхавацель, які з замілаваннем расказвае пра прыгажосць роднай зямлі, раскрывае магчымасці сакавітага беларускага слова.
Таму невыпадкова ў гэты важны і запамінальны дзень музей Якуба Коласа падрыхтаваў разнастайную святочную праграму:
11.00 — музейныя майстар-класы па вырабе паштовак і лялечныя прадстаўленні для малодшых школьнікаў;
11.00-17.00 —аглядныя экскурсіі па ўсіх залах музея з элементамі "ажыўшай экспазіцыі” для старэйшых школьнікаў і дарослых наведвальнікаў.