Музычны Дом «Класіка» распачынае серыю займальных класічных канцэртаў для ўсёй сям’і ў некласічным фармаце – інтэрактыўныя імпрэзы з сімфанічным аркестрам, якія будуць знаёміць маленькіх слухачоў з музычнымі інструментамі, музыкай і кампазітарамі ў лёгкай, займальнай форме.

Музычны Дом «Класіка» разам з Музычным тэатрам «Галерэя» запрашаюць у Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў 20 верасня на Сімфанічную казку Сяргея Пракоф’ева «Пеця і воўк», якая адбудзецца пры ўдзеле Сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі, дырыжор – Аляксандр САСНОЎСКІ. Рэжысёр і расказчык – Аляксандр МАРЧАНКА.
Фантазійны твор для дзяцей Сяргея Пракоф’ева «Пеця і воўк» напісаны яшчэ ў 1936 годзе, але праз гады ён не страціў сваёй актуальнасці і па сёняшні дзень гучыць ва ўсім свеце, у 2004 годзе казка атрымала ў сваёй аўдыёверсіі прэмію «Грэмі», а ў 2006 годзе мультфільм па творы – прэмію «Оскар».
Сімфанічную казку «Пеця і воўк» выконвалі ва ўсіх магчымых формах і жанрах па ўсім свеце – Лондане, Парыжы, Маскве і Нью-Йорку: джазавы арганіст, рок і фольк-выканаўцы, таксама існуе парадыйная версія на сінтэзатарах і акардэоне, кантры-версія і нават іграў джазавы аркестр. Расказчыкамі былі такія знакамітасці як Наталля Сац, Леанард Бернстайн і Дэвід Боўі.
20 верасня «Пеця і воўк»Сяргея Пракоф’ева ў Мінску ўпершыню прагучыць па-беларуску.
Таксама ў імпрэзе прагучаць любімыя творы для дзяцей Моцарта, Гайдна і Штрауса, якія можна не толькі слухаць, але і ўдзельнічаць у іх выкананні.