21 снежня ў кавярні «Грай» з 17.00 да 19.00
адбудзецца прэзентацыя новай кнігі папулярнага шведскага аўтара Свэна
Нурдквіста «Калядная каша» ў перакладзе на беларускую мову Надзеі
Кандрусевіч. Імпрэза адбудзецца ў фармаце вясёлага свята для дзетак і іх
бацькоў.

Урывак з кнігі прачытае і заспявае свае песні для
дзетак Зміцер Вайцюшкевіч. Усе змогуць частавацца сапраўднай шведскай
каляднай кашай, піць какаву, слухаць казку і забаўляцца.
Перакладчыца гэтай і іншых сучасных шведскіх дзіцячых кніг Надзея Кандрусевіч распавядзе пра сваю працу і адкажа на пытанні.
На
мерапрыемстве таксама будзе прадстаўлены зборнік аўдыёкніг па творах
Свэна Нурдквіста «Пэтсан і Фіндус» на трох CD — усе гісторыі вядомага
шведскага аўтара (9 кніг) пра прыгоды старога Пэтсана і ягонага катка
Фіндуса ў агучцы па-беларуску Ганны Хітрык і Паўла Харланчука.
Пачатак 21 снежня (чацвер) а 17-й гадзіне.
У
Швецыі на Каляды дзеці чакаюць Каляднага Гнома і гатуюць яму адмысловую
калядную кашу з рысу і малака. Але гномы, як і Дзеды Марозы, бываюць
сапраўднымі і не. Сапраўдных гномаў ніхто не бачыць, але менавіта яны
дапамагаюць людзям і ведаюць пра іх усё. Кожныя Каляды гномы вельмі
чакаюць свайго каляднага пачастунку. Што можа здарыцца, калі людзі
забываюць пачаставаць гномаў каляднай кашай, вы даведаецеся з кнігі
Свэна Нурдквіста «Калядная каша».
На прэзентацыі можна будзе
набыць па спецыяльным кошце ўсе кнігі з серыі перакладной шведскай
дзіцячай літаратуры на беларускую мову, а таксама навінку — зборнік
аўдыёкніг па творах Свэна Нурдквіста «Пэтсан і Фіндус» па-беларуску на
трох CD.