У Мiнску гастролi Беларускага тэатра «Лялька».
Далёка-далёка на Поўначы ў вастраверхіх чумах жывуць людзі, якія па
некалькі месяцаў не бачаць сонца. Доўгай зімовай ноччу яны распавядаюць
адно аднаму сумныя і вясёлыя гісторыі.

Напрыклад, пра белага мядзведзіка Умку, што сустракае сваё першае
сонца і знаёміцца з незвычайнымі мядзведзямі, у якіх на носе не расце
поўсць, а футра лёгка здымаецца і гэтаксама ж лёгка апранаецца. Ці зможа
маленькі мядзведзь пасябраваць з маленькім чалавекам і што атрымаецца з
іх незвычайнай прыхільнасці?
Лірычна-пяшчотная гісторыя пра спазнанне свету, цікаўнасць і дабрыню не пакіне абыякавымі ні дзяцей, ні дарослых.