Ноч кажаноў у Мінску – злятаемся ў дворык IBB 4 кастрычніка. Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны” запрашае на свята "Ноч кажаноў” у дворык IBB (Мiнск, Пр-т Газеты Праўда, 11) 4 кастрычніка з 19 да 22 гадзінаў.
Цягам вечара ты даведаешся:
- хто такія кажаны і якія віды жывуць у Беларусі?
- што пагражае нашым кажанчыкам?
- што рабіць, калі кажан раптам стаў тваім суседам?
- як быць, калі кажан заляцеў у госці?
- як наўмысна зрабіць кажанчыкам домік?
- ...і шмат іншага.
У праграме:
19.00 – 20.30 - Дзеткі і дарослыя змогуць зрабіць свайго кажана на творчых майстар-класах і забраць дадому як сувенір, зрабіць класныя здымкі ў фотазоне, паглядзець выставу "Дзівосныя рукакрылыя”, паўдзельнічаць у гульнях і віктарынах з прызамі, упрыгожыць сябе аквагрымам. Для дзетак будзе працаваць аніматар.
20.30 – 22.00 – Неверагодна цікавая лекцыя хіраптэролага, навуковага супрацоўніка НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі Аляксея Шпака.
"Нашая галоўная мэта - прыцягнуць увагу да кажаноў і пераканаць людзей, што гэта вельмі мілыя і карысныя істоты, якія жывуць побач з намі і маюць вельмі вялікую патрэбу ў нашай абароне, - кажа Аляксей Шпак. - Асабіста для мяне кажаны - гэта маленькія безабаронныя жывёлы, якія вымушаныя жыць побач з намі. Але праз сваю незвычайнасць і вялікую колькасць стэрэатыпаў яны часта робяцца ахвярамі чалавека. Абараняць безабаронных - што можа быць лепшым?”.
Сагрэцца ў гэты вечар дапамогуць гарачая гарбата, кава і цудоўны настрой.