Ніколі
ў казцы час не стаіць на месцы -- так праз сто гадоў Вялікі дуб з казкі
пра драўлянага чалавечка Пінок’ё апынуўся амаль у цэнтры горада. А ў
цэнтры горада -- свае правілы: не смеціць (жалудамі і лісцем), не шумець
(галінамі -- нават калі вецер), не замінаць (напрыклад, ажыўленаму
руху).
За сто гадоў на гісторыю пра драўлянага чалавечка Пінок’ё і
ягонага бацьку Джэпета гараджане зусім забыліся. Затое Кот і Ліса
па-махлярску пераканалі іх у тым, што горад -- толькі для людзей, таму
трэба спілаваць Вялікі дуб, каб на ягоным месцы нешта пабудаваць –
пажадана вялікі шматпавярховы забаўляльны цэнтр пад назвай "Краіна
забаў".
Гэткія навіны вельмі непакояць і нават палохаюць Фею,
гаспадыню казкі. Ёй на дапамогу спяшаецца сябра, знакаміты каралеўскі
казачнік Малы Шэльма – ён самы Хітрун, Круцель і Гарэза (магчыма, вы з
ім пазнаёміліся на спектаклі нашага тэатра "Кот у ботах"). Ён разумны,
вясёлы, нічога не баіцца! І таму абавязкова што-небудзь прыдумае…
Спектакль на беларускай мове.
Працягласць - 1 гадзіна 15 хвілін.