Даўні звычай адзначаць вечар напярэдадні Новага года паводле старога стылю называўся Шчодрык, Шчадрэц. У гэты дзень гатавалі другую (багатую, шчодрую) куццю, бліны з верашчакай і смажанай каўбасой, кашы, крупнік і інш, дзе стравам надаваўся магічна-абрадавы сэнс.

Шчадрэц – вечар варажбы. Варажылі і дарослыя, і дзеці, асабліва незамужнія дзяўчаты, якія хацелі даведацца, што іх чакае ў будучым годдзе.
Абрад «шчадравання» вызначаўся абыходам двароў гуртом шчадроўнікаў разам са «Шчодрай» – прыгожай дзяўчынай, якую апраналі ў святочнае адзенне. Спявалі песні-шчадроўкі, услаўлялі гаспадара з гаспадыняй, і іх гаспадарку.
У Беларускім дзяржаўным музее народнай архітэктуры і побыту ў гэты дзень будуць ладзіць традыцыйныя абрады шчадравання: «Цыганкі», «Шчодра». Таксама вы зможаце паваражыць, навучыцца танцаваць беларускія танцы, прыняць удзел у розных калядных конкурсах! А самыя актыўныя ўдзельнікі атрымаюць прызы ад музея!
Вас чакае:
- Рэканструкцыя абрада;
- Паказ лялечнага тэатра «Батлейка»;
- Зімовыя забавы і гульні;
- Беларускія народныя танцы;
- Розныя майстар-класы;
- Традыцыйныя калядныя варожбы;
- Святочны канцэрт ад фальклорных калектываў.
Падчас мерапрыемства за дадатковую плату можна:
- набыць сувеніры ад народных майстроў у касе музея;
- палятаць на мотадэльтаплане (пры наяўнасці спрыяльных умоў!);
- наведаць «Беларускую карчму», якая знаходзіцца на тэррыторыі музея.
Кошт квіткоў:
- для дарослых – 7,00 руб.;
- для школьнікаў, студэнтаў вышэйшых устаноў адукацыі (студэнцкі білет), навучэнцаў прафесійна-тэхнічных, сярэдне-спецыяльных устаноў адукацыі – 4,00 руб.;
- для дзяцей дашкольнага ўзросту – бясплатна.
Экспазіцыя музея працуе з 10:00 да 17:00. Каса працуе з 10:00 да 16:30.
Шаноўныя наведвальнікі!
Калі ласка, паклапаціцеся пра абутак і вопратку згодна з умовамі надвор’я.
Музей пакідае за сабой права адмены ці замены асобных эпізодаў мерапрыемства ў залежнасці ад умоў надвор’я.