Прыходзьце на сустрэчу з Ясонам Бадрыдзэ ў бізнес-клуб Imaguru. Праект АПБ vouk.by ладзіць яе, каб у вас не засталося пытанняў без адказаў пра шэрых драпежнікаў.
Ясон Бадрыдзэ, прафесар, доктар біялагічных навук, загадчык сектара паводзінаў і экалогіі жывёл у Інстытуце заалогіі АН Грузіі, супрацоўнік Дзяржаўнага ўніверсітэта імя Іллі Чаўчавадзэ. Ясон прысвяціў вывучэнню ваўка ўсё жыццё і каля двух гадоў пражыў у зграі гэтых драпежнікаў. Грузінскі навуковец, які пабываў у шкуры шэрага, рэдка дае публічныя сустрэчы, але пагадзіўся расказаць мінскай публіцы пра жыццё ваўкоў.
Воўк – легендарны драпежнік. Пра яго існуе шмат міфаў.
Ясон Бадрыдзэ: «Напраўду ў ваўкоў фантастычна развітая ўзаемадапамога. Аднойчы яны і мне выратавалі жыццё. Тады я ўпершыню задумаўся наконт альтруізму: што гэта такое? Значыць, гэта рэалізацыя біялагічнай патрэбы. Што будзе – звер пра гэта не думае. І тады я зразумеў, што ўсё, што мы маем, чым мы ганарымся, – гэта не мы прыдумалі, гэта ўсё адтуль ідзе».