9 ліпеня 2019 года ў 11.00 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на творчую сустрэчу з дзіцячай пісьменніцай Наталкай Харытанюк. У рамках сустрэчы адбудзецца прэзентацыя кнігі "Казкі старога Адамкова”, якая сёлета адзначана ў фінале прэміі Цёткі ў намінацыі "Найлепшыя беларускія кнігі для дзяцей і падлеткаў”.

Наталка Харытанюк родам з Брэста. Сваю кнігу "Казкі старога Адамкова” яна прысвяціла сваёй малой радзіме. "Адамкова” – гэта назва былога фальварка ў Брэсце, што знаходзіцца ля самага берага Буга, на памежжы з суседняй Польшчай, а сёння з’яўляецца адміністрацыйным раёнам абласнога горада. Ідэя напісання кнігі для дзяцей з’явілася ў творцы пасля нараджэння сына, якому маладая маці расказвала казкі. Галоўныя героі кнігі – дзяўчынка Наталка (так звалі пісьменніцу ў дзяцінстве бацькі) і яе старэйшы брацік Кастусь. Увесь час яны трапляюць у неверагодныя сітуацыі, з імі здараюцца самыя розныя прыгоды. Кніга казак напісана ў жанры сюррэалізму, дзе, як тлумачыць аўтарка, сапраўдныя рэчы ажываюць, а прыгоды герояў заснаваны на рэальных падзеях.
На сустрэчы можна будзе не толькі паслухаць цікавыя гісторыі ад Наталкі Харытанюк, пазнаёміцца з героямі кнігі Наталкай і Костусем, але і пачуць сакавітую беларускую мову: даведацца, хто такія "ласун” і "ласуха” і што такое "цынамон”, "імберац” і "цягліца”.