Мэта праекта – паказаць эстэтычную вартасць і разнастайнасць
традыцыйных комплексаў народнага адзення Міншчыны праз
экспанаванне захаваных элементаў касцюма і сучасных рэканструкцый,
зробленых на падставе даследаванняў.

Буйнейшы рэгіён Беларусі мае багатыя традыцыі дэкаратыўна-
прыкладнога мастацтва, у тым ліку стварэння элементаў касцюма.
Вытанчанымі мастацкімі прыёмамі і выразнымі дэкаратыўнымі
рашэннямі ўражваюць слуцкі, капыльска-клецкі, вілейскі, пухавіцкі,
бярэзінскі строі.
Захаванне гэтай не толькі матэрыяльнай, але і духоўнай спадчыны
адна з важных задач устаноў культуры Мінскай вобласці. На працягу
апошніх дзесяцігоддзяў супрацоўнікі раённых цэнтраў культуры,
цэнтраў рамёстваў, педагогі вялі руплівую працу па збору інфармацыі,
якая тычыцца традыцыйных строяў. Няспынны пошук крыніц —
звестак з этнаграфічных экспедыцый, старых фотаздымкаў і іншых
сведчанняў бытавання традыцыйнага касцюма, дазволіў значна
пашырыць уяўленне пра лакальныя асаблівасці касцюма. А
паглыбленню ў традыцыі народнага мастацтва спрыялі практычныя
заняткі па аднаўленню народных убораў.
У выставачным праекце прадстаўлены вопыт даследавання і
рэканструкцыі касцюмаў раёнаў Мінскай вобласці, які можа мець
канкрэтнае практычнае значэнне (у тым ліку сцэнічны касцюм і інш.).
Свой унёсак у экспазіцыю зрабілі майстры з Беразіно, Валожына,
Вілейкі, Дзяржынску, Клецку, Копыля, Любані, Мінску, Мядзеля,
Ракава, Салігорска, Слуцку. А актуальнасць традыцыйнага беларускага
касцюма прадэманстравана на прыкладзе вырабаў сучасных
дызайнераў.
Выстава працуе з 2 ліпеня па 7 верасня 2025 г.
Час працы: серада-нядзеля: 11:00 - 19:00
Кошт уваходнага білета – 3 руб., студэнцкага, дзіцячага, ільготнага білета – 1 руб.