1 кастрычніка а 18 гадзіне у выставачнай залі «Мастацкай галерэі БЕЛАРТ» адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу Барыса Сямілетава «Фрагменты».

Барыс Сямілетаў нарадзіўся ў 1956 г. у горадзе Мінску. З 1971 па 1975 год —
вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А.К.Глебава. У 1983 годзе скончыў
Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (сёння Беларуская дзяржаўная акадэмія
мастацтваў). З 1993 г. сябра Грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз мастакоў».
Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі
Беларусь, Мастацкай галерэі Нацыянальнага полацкага гісторыка-культурнага музея-
запаведніка, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь,
прыватных калекцыях Аўстрыі, Германіі, Польшчы, Швейцарыі, ЗША і інш.
Карціны розных гадоў, якія ўвайшлі ў экспазіцыю дэманструюць магчымасці
дэкаратыўнай оптыкі майстра, якая факусуецца на цікавых рытмічных і каларыстычных
структурах — фрагментах асяроддзя. Уменне «бачыць свет у адной пясчынкі»
характэрна для ўсёй творчасці жывапісца. Праз эстэтыку фрагмента ён разважае пра
адвечныя катэгорыі філасофіі і мастацтва.
Большасць з прадстаўленых работ можна аднесці па жанру краявід: куточак
сквера або сада, цяпліца, від на дахі дамоў або на бераг ракі — убачаныя і
адлюстраваныя з дапамогай пазнавальнага аўтарскага фільтру. У нацюрмортах Барыс
Сямілетаў пераўтварае неадушаўлёныя прадметы ў расказчыкаў захапляльных
гісторый. Пішучая машынка або аўтамабільны акумулятар — гэта зыходная кропка пры
дапамозе якой глядач можа «напісаць» займальны аповед з разнастайнымі перыпетыямі.
Відавочна, што мастак з асаблівай цікаўнасцю і ўважлівасцю глядзіць на
навакольны свет, самыя разнастайныя праявы якога становяцца нагодай для яго
жывапісу. Гэтаму творчаму бачанню, уменню здзіўляцца і радавацца простым рэчам
можа навучыцца і глядач выстаўкі «Фрагменты» Барыса Сямілетава.
Экспазіцыя працуе з 30 верасня па 12 кастрычніка 2025 г.
панядзелак - пятніца: 11.00-20.00
субота: 11.00-19.00