У новым выставачным праекце Алесь Фалей абраў цэнтральным
паняццем хісткае «становішча» паміж небам і зямлёй. Праслойка «паміж»
фарміруецца пад уплывам сфер неба (пачуцці, ідэі) і зямлі (рэальны свет
матэрыяльных рэчаў і падзей).

Жывапісны медыум Алеся Фалея з яго цякучай і бескантрольнай
стыхійнасцю крышталізуе персанальную энергетыку мастака ў сістэмы з плям
і ліній. Фарбы палоцен пабудаваны на падставе старажытнай каларыстычнай
трыяды: чорнае, белае, чырвонае і асацыіруюцца з сіламі прыроды і духоўным
светам чалавека.
Выбар экспрэсіўнага беспрадметнага жывапісу ў якасці мастацкай
стратэгіі дае падставу да пачуццёва-інтуітыўнага дыскурсу, робіць палотны
Алеся Фалея спецыфічным полем для асабістага паглыблення гледача.
Аднак, некаторыя творы мастака ўтрымліваюць элементы выяўленчасці
і мы можам здагадацца пра сюжэты: чалавек, які нясе шкло, вершнік на
няўрымслівым кані, разняволеная прыгажуня на адпачынку.
Экспазіцыя «Паміж небам і зямлёй» скіравана хутчэй не на
інтэлектуальнае спасціжэнне, а на эмацыянальную рэакцыю гледачоў, якія,
трапіўшы ў прастору свабоднай экспрэсіі, вымушаны знаходзіць месца
вытанчаным і брутальным карцінам Алеся Фалея ў сваім жыццёвым досведзе.
Выстава ўключае 12 жывапісных палоцен (палатно, акрыл) Алеся Фалея,
створаных у апошнія тры гады.
Выстава дэманструецца з 13 мая па 6 чэрвеня 2026 г.
панядзелак - пятніца: 11.00-20.00
субота: 11.00-19.00