У багатым рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы
спектакль «Паўлінка» заўсёды стаіць асобна. Найстарэйшы спектакль тэатра
карыстаецца вялікай любоўю гледачоў і за доўгія гады свайго існавання
ператварыўся ў сапраўдную візітоўку, сімвал Купалаўскай сцэны. Сакрэт
такога ўнікальнага поспеху – у спалучэнні яскравых народных характараў,
цікавага сюжету, народных песень і танцаў, мілагучнай мовы класіка
беларускай літаратуры і выдатнага майстэрства выканаўцаў.
Гэты спектакль першым мог бы патрапіць у кнігу тэатральных рэкордаў,
калі б такая існавала: нідзе ў свеце пастаноўка не жыве на адной сцэне
амаль 70 год, выхоўваючы новыя і новыя пакаленні гледачоў і артыстаў. Па
ім можна ствараць асобны слоўнік крылатых выразаў ці пісаць падручнік
па акцёрскім майстэрстве. «Паўлінка» – гэта легенда беларускага тэатра,
якая кожнай хвілінай сцэнічнага дзеяння далучае да нацыянальнай
культуры.
Прэм’ера спектакля ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў БССР
Льва Літвінава адбылася ў 1943 годзе ў горадзе Томску, дзе тэатр
знаходзіўся ў эвакуацыі.