Да Міжнароднага дня родных моў мінскі Планетарый падрыхтаваў адметную афішу, у якую ўвайшлі фільмы на беларускай мове. Для маленькіх наведвальнікаў пакажуць мультфiльмы "Мышаняты і Месяц", "Далёка ад Сонца", а для дарослых - "Рознакаляровы Сусвет" і "Майя. Назіральнікі Сусвету".

zp.gov.ua
Расклад паказаў на 21 лютага:
17.00 - "Далёка ад Сонца",
18.00 - "Мышаняты і Месяц",
19.00 - "Рознакаляровы Сусвет",
20.00 - "Майя. Назіральнікі Сусвету".
Паглядзець гэтыя фільмы запрошаны і беларускія паэты, якія на пачатку кожнага сеанса пад праекцыю касмічных глыбінь на купале Планетарыя пачытаюць свае творы. Прагучаць вершы Віктара Жыбуля, Веры Жыбуль (Джэці), Антона Рудака і казка для маленькіх Наталлі Бучынскай.
Перакладам паўнакупальных фільмаў на беларускую мову Планетарый займаецца цягам апошніх двух гадоў. Фільмы "Мышаняты і Месяц" і " Майя. Назіральнікі Сусвету" з'явіліся ў афішы летась. Спецыяльна да Міжнароднага дня родных моў сумесна з праектам "Кінаконг" зроблены дубляж "Рознакаляровага Сусвету", аднаго з самых яскравых і папулярных фільмаў у мінскім Планетарыі. Фільм "Далёка ад Сонца" - гэта прэм'ера. 21-га лютага адбудзецца толькі другі яго паказ. Фільм застанецца ў афішы на два гады і будзе дэманстравацца толькі на беларускай мове.
Месца правядзення: Мінскі Планетарый, Мінск, вул. Фрунзе, 2 (парк ім. Горкага).
Тел для даведак +375 17 2943364 +375296730791